Pabach - Новы свет - Вуліца Белінскага
12/14

Вуліца Белінскага

вул. Міцкевіча, 6. вул. Міцкевіча, 8

2 хв
0:002:15

Невялікая, але вельмі маляўнічая вуліца ў Новым Свеце. Тут можна сустрэць розныя архітэктурныя стылі — як драўляныя дамы, так і цагляныя. Дом на вуглу, па адрасе Міцкевіча, 6 — цудоўны прыклад канструктывізму (у міжваеннай Польшчы стыль называўся функцыяналізмам). У 1932 годзе тут працавала мясная крама сям’і Полудняў: у падвале быў цэх, на першым паверсе — крама, на другім — жыла сям’я мясніка.

У той час кожны вытворца імкнуўся выдзяліцца. Полудні славіліся сваёй "цытрынавай каўбасой", у якую дзеля смаку і водару дадавалі цэдру апельсіна. Па цотным баку вуліцы можна заўважыць тры старыя цагляныя дамы, якія раней былі аднапаўярховымі, але пасля вайны над імі дабудавалі другія паверхі. Асабліва добра захаваліся рысы цаглянай эклектыкі, тыповай для Гродна, у дамоў №6 і №8, пабудаваных з ужо знаёмай жоўтай цэглы.

Дом №9 у пачатку ХХ стагоддзя пабудаваў вядомы гродзенец Мікалай Рымарчук. Яго ўнук Аляксандр Рымарчук стаў вядомым калекцыянерам і баскетбольным трэнерам, ён трэніраваў, сярод іншых, будучага алімпійскага чэмпіёна Івана Ядэшку.

А яшчэ ў гэтым доме ў 1930-х гадах здымаў кватэру Станіслаў Жыўна, заснавальнік музея прыроды, пра якога мы ўжо ўзгадвалі ў самым пачатку маршруту.