Pabach - Ад Каложы пачаўся свет - Каложская царква
Каложская царква
+1 фота
9/12

Каложская царква

вул. Каложа 6

3 хв8.00-18.00
0:003:25

Каложа, або царква святых Барыса і Глеба, - галоўная святыня Гродна і ўсяго Панямоння, адна з найстарэйшых цэркваў Беларусі. Лічыцца, што яна была пабудавана ў канцы XII стагоддзя і асвечана ў гонар святых мучанікаў Барыса і Глеба, шанаванне якіх было вельмі распаўсюджана ў той час на ўсходнеславянскіх землях.

Дойлід Пётр Міланег, імя якога звязваюць з будаўніцтвам храма, з арцеллю будаўнікоў быў запрошаны мясцовымі князямі ў Гарадзен, як тады называўся горад на Нёмане, і пабудаваў тут некалькі цэркваў. Каложская царква - адзіная з захаваных.

Першапачаткова царква ўяўляла сабой крыжова-купальны храм з трыма паўкруглымі апсідамі і шасцю калонамі. Алтар традыцыйна звернуты на ўсход. Царква пабудавана з «плінфы» - вузкай цэглы, тыповага для будаўніцтва X-XIII стагоддзяў. На некаторых цэглах захаваліся выпуклыя знакі, якія нагадваюць літары або піктаграмы. Існуюць розныя версіі іх паходжання і прызначэнні, але найболей рэалістычнай уяўляецца тая, паводле якой гэтыя знакі мелі практычнае значэнне: імі пазначаліся розныя партыі цэглы.

Царква мае незвычайны вонкавы выгляд. Яна была пабудавана ў візантыйскім стылі: разам з прыняццем хрысціянства многія культурныя дасягненні і новаўвядзенні былі перададзены славянам ад грэкаў Візантыі. Напрыклад, тэхніка мазаікі і фрэскі, каменнае будаўніцтва і, вядома ж, пісьменнасць. У той жа час у Гарадзенскім княстве візантыйскі стыль архітэктуры спалучаўся з мясцовай мастацкай традыцыяй. У выніку быў створаны арыгінальны напрамак, які даследчыкі называюць Гродзенскай архітэктурнай школай. У сцены храма ўстаўлены паліраваныя валуны. Акрамя таго, цагляны мур упрыгожаны крыжамі з рознакаляровых керамічных плітак, пакрытых глазурай - маёлікі. Першапачаткова падлога царквы таксама была пакрыта рознакаляровай маёлікай. Беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч у сваім рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" параўнаў Каложу з вясёлкай. Царкве прысвячалі вершы беларускія паэты розных пакаленняў: ад Вацлава Ластоўскага да Дануты Бічэль-Загнетавай.

Унутры тоўстых сцен храма ўбудаваны вялікія керамічныя збаны, якія ляжаць на баку і выходзяць рыльцамі на ўнутраную паверхню сцен. Яны маюць некалькі функцый: змяншаюць ціск збораў на сцены, падтрымліваюць тэмпературны рэжым і паляпшаюць акустыку, завошта іх і празвалі «галаснікамі». Гэтая будаўнічая інавацыя бярэ свой пачатак яшчэ ў Старажытным Рыме. Звычайна пры будаўніцтве храмаў выкарыстоўвалася некалькі галаснікоў, але адметнай асаблівасцю гродзенскай школы архітэктуры было тое, што ў сцяну былі ўбудаваны дзясяткі збаноў.

Польскі пісьменнік Зыгмунт Глогер, які наведаў Каложу ў 1872 годзе, апісаў у кнізе «Даліны рэк» сустрэчу са старым ля сцен царквы, які распавёў, што некалі ўсе сцены царквы былі са збанамі. Глогер згадаў забытую незвычайную традыцыю: за некалькі манет любы ахвочы мог пакрычаць у царкве і ацаніць яе акустычныя якасці. Такі падатак называўся "гукавы".

Каложа – унікальны помнік, які не мае аналагаў ва ўсходнеславянскай і балканскай архітэктуры, дзякуючы сваім архітэктурным асаблівасцям, такім як галаснікі, умураваныя камяні, дэкору з керамічных маёлікавых плітак.